А пакуль вы ідзяце, мы крыху распавядзем вам уласна пра Глушу. Цяпер гэта пасёлак, цэнтр Глушанскага сельсавету. Да 23 студзеня 2013 года ён меў статус пасёлку гарадскога тыпу.
Глуша была заснаваная ў сувязі з будаўніцтвам тут шклозаводу ў 1896 годзе і развіццём дрэваапрацоўчых промыслаў. На шклозаводзе цягам дзесяцігоддзяў выраблялі бутэлькі рознай ёмістасці, лямпавае і аконнае шкло.
Праца па вырабе бутэлек шмат гадоў гадоў была ручная – бутэлькі выдзьмухвалі моцай паветра, якое выдыхалася. З 1938 года пачалі выкарыстоўваць сціснутае паветра.
У якасці сыравіны выкарыстоўваўся мясцовы пясок.
Падчас нямецка-фашысцкай акупацыі немцы выкарыстоўвалі завод. У 1943 годзе яго, аднак, узарвалі партызаны.
Глуша была вызваленая ад акупацыі 27 чэрвеня 1944 года. Завод аднавілі. Ён працаваў да 2002 года, калі быў прызнаны банкрутам і спыніў дзейнасць.
Сёння ў Глушы пражываюць каля 1300 чалавек. У вёсцы ёсць дзіцячы садок, школа, Дом культуры (з бібліятэкай і школай мастацтваў), сельсавет. Працуюць лякарня, дзве крамы, жылкамгас, лясніцтва, лазня, некалькі прыватных прадпрыемстваў, у якіх занятыя мясцовыя жыхары. Але пасля закрыцця шклозавода пытанне з працаўладкаваннем застаецца актуальным, многія глушанцы ездзяць на працу ў Бабруйск, Елізава на тамашні шклозавод і за мяжу.
