Каб трапіць на пляцоўку «Цэнтру рамёстваў», трэба з вуліцы Адамовіча павярнуць направа.
Музей пад адкрытым небам, падобны да таго, што працуе ў вёсцы Строчыцы пад Менскам, тут планаваўся на пачатку 1990-х гадоў.
Напрыканцы 1980-х гадоў у Глушу сталі звазіць драўляныя будынкі з Бабруйскага раёну і ваколіцаў – цікавыя ўзоры традыцыйнай архітэктуры, якія не выкарыстоўваліся і былі пад пагрозай знішчэння.
Сюды паспелі прывезці некалькі ўзораў драўлянага дойлідства з раёну і ваколіц. Так на ўскрайку лесу недалёка ад глушанскай школы з’явіліся дом бедняка і дом багача, дом ткача, дом ганчара, лазня «па-чорнаму», царква і вятрак. У дамах планавалася зладзіць інтэрактыўныя экспазіцыі – меркавалася, што наведвальнікі змогуць самі зляпіць сабе ганчарны выраб, паспрабуюць ткаць на сапраўдным ткацкім станку.
Працаваць і рабіць муку мусіў нават старажытны вятрак ХІХ стагоддзя. Яго прывезлі ў Глушу з Клецкага раёну, бо на Бабруйшчыне не знайшлі. Вятрак так і не запрацаваў, але сёння ў яго можна зайсці і паглядзець на старажытны механізм.
З вёскі Вуглы ў Глушу перавезлі стараабрадніцкую царкву 1880-х гадоў пабудовы. На новым месцы яе асвяцілі як праваслаўную ў гонар Святога Панцеляймона. Яна цяпер дзейнічае, у ёй рэгулярна праходзяць службы.
Пасля актыўнага пачатку працаў па стварэнні музею ў 1991 годзе ўсё было закінута. Не хапіла грошай, чалавечых рэсурсаў. Некуды знікла шыкоўная калекцыя ручнікоў, якую збіралі адмыслова для скансэна. Разбурыліся некаторыя будынкі, такія, як лазня, гумно. Доўгі час усё стаяла закінутым і працягвала разбурацца пад уздзеяннем прыродных умоваў.
Новае жыццё пляцоўка, якая так і не стала скансэнам, атрымала ў 2010 годзе, калі ў Глушы стаў праводзіцца штогадовы этнаграфічны фестываль «Глушанскі хутарок». А саму пляцоўку назвалі «Цэнтр рамёстваў». У Доме ганчара сёння дзейнічае гурток «Глечыкі». Заняткі праводзіць вядомы народны майстар Рэспублікі Беларусь Аляксандр Арлоў.
Прагуляйцеся па ўзлеску, падыхайце свежым паветрам, паглядзіце бліжэй на будынкі. Асабліва раім абысці вятрак – для Бабруйшчыны гэта сапраўды ўнікальны аб’ект.
Пасля таго, як адпачняце тут крыху, вяртайцеся вуліцай Адамовіча да дому Адамовічаў на скрыжаванні і працягнем экскурсію.
