Пакуль вы ідзяце, паслухайце яшчэ крыху пра жыццё і творчасць пісьменніка. Калі пераходзіце дарогу, абавязкова стаўце запіс на паўзу.
Саша Адамовіч вярнуўся ў Глушу ў 1945 годзе, пасля сканчэння вайны. Да гэтага, пасля вызвалення Бабруйшчыны, ён год пражыў у сваякоў у Расеі. Калі вярнуўся, экстэрнам здаў экзамены за сярэднюю школу і паступіў на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.
25-га лістапада 1948 года нечакана памёр бацька, Міхаіл Іосіфавіч. Ноччу ён паехаў на саўгасным грузавіку да парадзіхі, але машына па дарозе заглухла. Тады лекар пайшоў пешшу, моцна прастудзіўся, дамоў вярнуўся з высокай тэмпературай, у яго здарыўся інсульт. Смерць бацькі моцна яго ўразіла – ён сам пасля гэтага на паўгода трапіў у шпіталь.
У 1950 годзе Адамовіч скончыў філфак БДУ, паступіў у аспірантуру. Упершыню выступіў у друку як літаратурны крытык. Пісаў пра праблемы раманнага жанру, творчага стылю, культуру творчасці, мастацкую індывідуальнасць. І з першых публікацый у ім выявіўся байцоўскі тэмперамент, шырата далягляду, чуласць да праўды. Ён адразу пачаў ваяваць з вульгарна-сацыялагічнымі шаблонамі ў літаратуры. Чым з самага пачатку нажыў сабе нямала ворагаў.
У 1954 годзе абараніў дысертацыю «Мова рамана «Трэцяе пакаленне» і індывідуальны літаратурна-мастацкі стыль Кузьмы Чорнага», якую напісаў усяго за тры летнія месяцы ў 1953 годзе. Стаў выкладчыкам беларускай літаратуры на філалагічным факультэце БДУ. У тым жа годзе вясной у Адамовіча разам з жонкай Верай Сямёнаўнай нарадзілася дачка Наталля.
У 1962 годзе ў Кіеве ў Інстытуце літаратуры імя Т.Шаўчэнкі Акадэміі навук Украінскай ССР Адамовіч абараніў доктарскую дысертацыю на падставе сваёй манаграфіі «Беларускі раман». Прыйшлося ехаць ва Украіну, бо ў Менску «уплывовыя» літаратары пагражалі нядопускам да абароны. Тады і пачалося «выцясненне» Адамовіча за межы Беларусі.
У тым жа годзе паступіў на Вышэйшыя сцэнарныя курсы ў Маскве.
У 1975 годзе асобным выданнем выйшла кніга »Я з вогненнай вёскі…». (у суаўтарстве з Я.Брылём і У.Калеснікам). Яны запісвалі ўспаміны выжыўшых жыхароў спаленых падчас Другой сусветнай вайны беларускіх вёсак, якія потым сабралі ў гэтай кнізе. У 2024 годзе ўпершыню выйшаў пераклад кнігі на нямецкую мову.
Перакладзеная на многія замежныя мовы, стала літаратурным бестселерам.
Не ўсе запісы з магнітафона пайшлі ў працу. Некаторыя былі сцёртыя.Не ўсю праўду можна было вынесці да людзей. Адзін з сюжэтаў, які не ўвайшоў у кнігу, быў выкарыстаны ў аповесці «Венера ці як я быў прыгоннікам».
У 1979 годзе выходзіць першая частка «Блакаднай кнігі» у суаўтарстве з Даніілам Граніным.
22 траўня пасля цяжкай хваробы памірае маці Ганна Мітрафанаўна. Памерла «на Міколу» вясновага, калі квітнелі сады. Незадоўга перад гэтым сам пісьменнік перанёс язвавы крывацёк. Яго выратавалі шчаслівы выпадак і маці: ён прыйшоў наведаць яе ў Лечкамісію і быў тэрмінова шпіталізаваны.
У 1989 годзе пісьменнік стаў народным дэпутатам СССР, актыўна выкарыстоўваў трыбуну з’ездаў для выступаў за перабудову, дэмакратызацыю і галоснасць.
У дні жнівеньскага путчу 1991 г. у Маскве Адамовіч знаходзіўся ў шэрагах абаронцаў Белага дома. Гэтыя падзеі адлюстраваў у публіцыстычна-мемуарным эсэ «Дзякуй, хунта!». 21 снежня 1991 года перанёс цяжкі інфаркт міякарда.
У 1992 г., знаходзячыся ў клініцы, а затым у падмаскоўным санаторыі, спяшаўся скончыць творчыя планы, задумы. Дапісаў аповесці «Венера, або Як я быў прыгоннікам», «Нямко».
7 траўня таго ж года памёр брат Алеся Адамовіча Яўген.
У 1993 г. Адамовіч скончыў і апублікаваў аўтабіяграфічную аповесць «Vixi» (Пражыта).
