Урачыстае адкрыццё бюсту пісьменніка, які вы перад сабой бачыце, адбылося 9 лістапада 2019 года. Эскіз помніка выканалі вядомыя скульптары Генік Лойка і Яўген Білей. Бюст вырабіў Генік Лойка.
Помнік паўстаў на сродкі, сабраныя з дапамогай краўдфандынгу. Ініцыятарам кампаніі, як мы ўжо згадвалі, быў бабруйскі актывіст Андрусь Архіпенка. Збор грошай падтрымалі вядомыя грамадскія дзеячы. Значныя сумы перавялі нобэлеўская лаўрэатка, пісьменніца Святлана Алексеевіч і заснавальнік самога буйнога навіновага парталу Юры Зісер.
Паралельна з падрыхтоўкай усталявання помніка, Андрусь і каманда тайм-клуба «1387» перамаглі ў конкурсе сацыяльных праектаў «Social weekends» з ініцыятывай «Глуша Адамовіча». Вынікам перамогі стала тэатралізаваная экскурсія па творах Алеся Адамовіча, якая прайшла ў Глушы 10 лістапада 2019 года. Герояў аповесцяў Адамовіча гралі акторы бабруйскага тэатра ім. В.Дуніна-Марцінкевіча.
