Прыпынак Адамовіча

Вітаем вас у Глушы, шаноўнае спадарства!

Гэты пасёлак – малая радзіма славутага беларускага пісьменніка Алеся Адамовіча. Мы распавядзем вам пра ягонае жыццё, дзейнасць, ролю ў беларускай літаратуры і грамадскай дзейнасці, і правядзем па галоўных мясцінах, звязаных з літаратарам.

У любы момант вы можаце паставіць экскурсію на паўзу, каб больш дэталёва азнаёміцца з аб’ектамі, пра якія пачуеце, ці адпачыць. Прыкладны час, які зойме экскурсія з улікам пераходаў да аб’ектаў – 1 – 1,5 гадзіны, у залежнасці ад вашага тэмпу.

Пачынаем!

Першая кропка нашай экскурсіі – «Прыпынак Адамовіча». Гэта арт-аб’ект, створаны са звычайнага аўтобуснага прыпынку. Дзякуючы групе бабруйскіх актывістаў, ён стаў сапраўдным месцам ушанавання памяці Алеся Адамовіча.

Аўтар ідэі прыпынку як арт-аб’екту – бабруец Андрусь Архіпенка. У рэалізацыі праекту дапамагалі Магілёўская школа гарадскіх ініцыятываў «Цяпліца» і каманда бабруйскага тайм-клуба «1387».

Размалёўваў прыпынак мастак Аляксандр Благій.

Мы бачым на прыпынку партрэт Алеся Адамовіча і цытату з ягонай аўтабіяграфічнай аповесці «Vixi». Прачытайце і ўдумайцеся ў гэтыя словы – сапраўднае прызнанне ў глыбокай любові да сваёй малой радзімы:

«Колькі ж разоў я прыязджаў у Глушу! Часцей – з боку Бабруйску, часам – праз Старыя Дарогі, з боку Слуцку. Спачатку вочы шукаюць нашы бярозы – радасны дзевяцівяршынны выкід зеляніны ў неба – востры дах дому, сінюю веранду: ці сядзіць мама-бабуля на ганку, ці каля бяроз шарэе яе халат. З Глушы, дзе б ты ні знаходзіўся, распаўсюджваюцца ціхія, мяккія хвалі марудлівага плыткага часу, ранішніх дзіцячых і птушыных галасоў: прыехаў на два-тры дні ці нават проста пазваніў – і ты зноў спакойны, свабодны для іншых думак і клопату. Самае дарагое на сваім месцы і нічога не здарылася».

«Прыпынак Адамовіча» быў урачыста адкрыты 6 кастрычніка 2018 года. Ён стаў першым крокам у больш маштабнай кампаніі Андруся Архіпенкі па ўшанаванні памяці Алеся Адамовіча. Далей актывіст пачаў збор подпісаў за ўсталяванне ў Глушы помніка пісьменніку, а потым – і збор сродкаў на манумент. Сёння помнік вітае кожнага, хто ўязджае ў Глушу з боку Слуцку – ён стаіць каля дарогі побач з мясцовым Домам культуры. Гэты помнік – адзін з пунктаў нашай экскурсіі, і мы пазней распавядзем пра яго падрабязней.

«Прыпынак Адамовіча» натхніў іншых беларусаў на падобныя ініцыятывы. Другі «Прыпынак Адамовіча» мясцовыя актывісты зрабілі ў Капыльскім раёне – у вёсцы Канюхі, дзе і нарадзіўся Адамовіч.

Вы можаце паставіць экскурсію на паўзу і сфатаграфавацца на прыпынку. А пасля запрашаем вас перайсці дарогу па пешаходным пераходзе на другі бок і спыніцца на скрыжаванні з вузкай вясковай вулачкай каля першага дому злева.