Аптэка

Ад дому Адамовічаў запрашаем вас зноў перайсці дарогу і прайсці крыху ўправа – пакуль па сваім левым баку не ўбачыць драўляную хату бірузовага колеру з закалочанымі вокнамі. Там спыніцеся.

Гэты бірузовы домік – тая самая аптэка, дзе працавала маці Алеся Адамовіча. А падчас Другой сусветнай вайны яна разам з дзецьмі тут нават жыла некаторы час.

Бацьку Ганны Адамовіч – Мітрафана Тычыну ў 1930 годзе раскулачылі і выслалі разам з жонкай Еўфрасінняй і трыма дзецьмі (з сямі) у Якуцію. Маці Алеся Адамовіча ўлады ўсё жыццё нагадвалі, што яна – «дачка кулака». Мітрафан Адамовіч так ніколі і не вярнуўся з Якуціі на радзіму, а вось жонка і дзеці прыехалі.

Саша Адамовіч у Глушы пайшоў у школу, тут ён вучыўся з першага па сёмы класы. А далей, у 1940-41 гг. – у Бярозках на Хоцімшчыне, дзе настаўнічаў родны дзядзька Антон, заслужаны настаўнік БССР. Вярнуўся ў Глушу Саша Адамовіч у дзень, калі пачалася вайны з Германіяй, а для ягонай маці, старэйшага брата і яго самога – «вайна пад стрэхамі».

З першых дзён Вялікай айчыннай вайны на фронце быў бацька Адамовіча, ветэран фінскай вайны. Ён выконваў абавязкі лекара, даслужыўся да падпалкоўніка медыцынскай службы.

А маці пісьменніка стала актыўнай удзельніцай Глушанскага падполля. Яна прывозіла з Бабруйска медыкаменты і забяспечвала імі партызан.

У кастрычніку 1941 года аптэка стала цэнтрам падпольнага жыцця Глушы і наваколля. Ганна Мітрафанаўна перадавала партызанам інфармацыю, медыкаменты і прадукты харчавання, дапамагала ваеннапалонным, была сувязной партызанскага атрада. У сакавіку 1943 годзе Адамовічы аказаліся пад рызыкай раскрыцця, і тады маці з сынамі пайшла ў лес да партызанаў, дзе стала фельчарам. За актыўны ўдзел у партызанскім руху Ганна Адамовіч была ўзнагароджана медалямі «За адвагу» і «За перамогу над Германіяй». Пасля вайны яе прызначылі загадчыцай Бабруйскай цэнтралізаванай аптэкі, але яна адмовілася, і папрасілася ў Глушу, дзе працавала да пенсіі ў аптэцы.

Падчас знаходжання ў лесе ў партызанскім атрадзе Саше Адамовічу давялося пабачыць вайну ў твар, што пазней вельмі адбілася на ягонай творчасці. Менавіта з гэтага часу бяруць вытокі ягоныя творы «Сыны ідуць у бой» і «Вайна пад стрэхамі».

Раман «Сыны ідуць у бой» – першы мастацкі твор Адамовіча, яго ён пачаў пісаць падчас навучання на філалагічным факультэце БДУ ў 1948 годзе і скончыў у 1950-м.

Раман «Вайна пад стрэхамі»  Адамовіч апублікаваў у 1960 годзе. Пра яго ён казаў: «Калі мне што і ўдалося ў рамане «Вайна пад стрэхамі», то гэта таму, што перш гэтую кнігу маці напісала ўласным жыццём».

На аснове гэтых твораў напісаны кінасцэнар двухсерыйнага фільма «Вайна пад стрэхамі» і «Сыны ідуць у бой». Здымалі яго ў 1971 годзе на кінастудыі «Беларусьфільм». Рэжысёр — Віктар Тураў, аўтар і выканаўца песень Уладзімір Высоцкі, галоўную роль маці выканала актрыса Ніна Ургант. 

Маці Алеся Адамовіча памерла ў 1979 годзе.

У будынку аптэкі некалі хацелі зрабіць музей Алеся Адамовіча. Такая думка была агучаная пісьменнікамі-калегамі Адамовіча на ягоным пахаванні ў 1994 годзе. Пазней быў нават адчынены дабрачынны рахунак для збору сродкаў. Аднак ідэя з музеем дагэтуль не рэалізаваная і будынак працягвае стаяць закінутым.

Ад аптэкі запрашаем вас прайсці далей уздоўж трасы ў бок Слуцку, перайсці дарогу на бліжэйшым пешаходным пераходзе і ісці прама да Дому культуры, побач з якім стаіць бюст Алеся Адамовіча.