Дом Адамовічаў

У гэтым доме пасля вайны пачала жыць сям’я Адамовічаў. Надзел зямлі атрымаў яшчэ бацька пісьменніка Міхаіл Іосіфавіч Адамовіч, але пасля яго ранняга сыходу з жыцця ў 1948 годзе,  сыны Яўген і Аляксандр, атрымаўшы адукацыію і пачаўшы працаваць, пабудавалі дом, у які ў 1958 годзе перашла з аптэкі Ганна Мітрафанаўна Адамовіч з унучкай Наташай. 

Мы завем Глушу малой радзімай Алеся Адамовіча ўслед за ім самім.

Хоць фармальна малая радзіма ў Адамовіча іншая – вёска Канюхі Капыльскага раёна Менскай вобласці. Менавіта там ён і нарадзіўся 3 жніўня 1926 года. У пашпарце ж пісьменніка ўсё жыццё стаяла дата – 3 верасня 1927 года. Ягоная маці, ратуючы сына ад згону ў Нямеччыну, у школьным пасведчанні выправіла дату яго нараджэння.

«Самае таямнічае, легендарнае месца ў маёй біяграфіі – гэтыя самыя Канюхі, у іх я нарадзіўся… Я нічога з Канюхоўскага жыцця не памятаю…». – так казаў Адамовіч пра месца свайго нараджэння.

А пра Глушу:

«А сапраўдная малая радзіма, дзе я ўваходзіў у ўзрост і ў жыццё – рабочы пасёлак Глуша. Савецкае ўдакладненне: шклозавод «Камінтэрн». Або проста: гута – так называлі завод здавён, з часу яго заснавання. Польска-нямецкае слоўца, але зусім прыручанае, наша мясцовае. На паўшляху з Варшавы на Маскву, на ўсход сем соцень вёрст, на захад – амаль столькі ж, таму і «варшаўка», таму і «кацярынінскі тракт». А наша Глуша, пазначаная толькі на падрабязных беларускіх картах, – пацерка на тонкай нітачцы«.

У Глушу сям’я Адамовіча трапіла ў 1928 годзе, калі сюды накіравалі на працу ягонага бацьку Міхаіла Іосіфавіча Адамовіча пасля сканчэння медыцынскага факультэта БДУ. Тут ён дамогся будаўніцтва лякарні, якой і загадваў. Лякарня ў Глушы працуе і сёння.

«Характар, запальчывасьць – тут і да трох не лічы. Помню, якім ён здаўся мне страшным, калі бег ад лякарні да нас, што расклалі вогнішча амаль пад саламянай страхой хлява. (А ўсё пачалося з павелічальнага шкла, якім мы выпальвалі на бярвенні свае імёны.) Да самай начы я не прыходзіў дамоў» – так Алесь Адамовіч пісаў пра бацьку ў аповесці «Vixi» («Пражыта»).

У медыцыне працавала таксама маці Алеся Адамовіча – Ганна Мітрафанаўна, у дзявоцтве – Тычына. Яна была фармацэўтам, працавала ў аптэцы. Будынак гэтай аптэкі дагэтуль захаваўся, і пра яго мы распавядзем пазней, калі падыдзем да яго.

З медыцынай звязаў сваё жыццё старэйшы брат Адамовіча Яўген – ён стаў лекарам.

Вуліца Алеся Адамовіча вядзе да глушанскай школы і да ўзлеску, які сёння завецца «Цэнтрам рамёстваў», а некалі меўся стаць скансэнам – музеем пад адкрытым небам, які б захоўваў узоры рэгіянальнай народнай архітэктуры. Запрашаем вас прайсці да гэтага атмасфернага і ўтульнага месца па вуліцы Адамовіча.