Алесь Адамовіч пахаваны побач з братам, які памёр у 1992 годзе, недалёка – магілы бацькоў, бабулі.
У 2014 годзе памерла жонка Адамовіча Вера Сямёнаўна. Пахавалі яе побач з мужам. У Менску жыве дачка Алеся Адамовіча Наталля, яна працуе ў літаратурным музеі Якуба Коласа.
Алесь Адамовіч, прадчуваючы хуткую смерць, наказаў, каб яго пахавалі тут, у роднай зямлі. Пры жыцці ён шмат думаў пра смерць. Ён сказаў, што ў ХХ стагоддзі пасля 6 жніўня 1945 года чалавецтва ўпершыню стала смяротным, маючы на ўвазе небяспеку знішчэння ўсяго чалавецтва. Калі раней войны знішчалі вёскі, гарады, то цяпер ядзерная зброя можа сцерці з твару зямлі ўсё чалавецтва.
Ён папярэджваў і звяртаўся да будучых пакаленняў у сваіх нататках:
«…А нехта, магчыма, будзе глядзець на фотаздымак твайго часу ці чытаць вось гэта.
Цябе ўжо няма, а яны – вось ён, вы, якія чытаюць, ёсць.
Вітаю вас – шчаслівы, што вы ёсць.
Значыць, розуму ў нас хапіла. І значыць, мы неяк доўжымся вось хоць бы ў тым, што ты, чалавек ХХI стагоддзя, чытаеш гэта…
…А мы зараз спадзяемся, што, стаўшы лепш, мы зробім лепш свет…
Ну, а вы? Вы як?..
Няўжо вы ўсё яшчэ дазваляеце фюрэрам дурыць вас?”
1989 г.
Фатограф Яўген Коктыш у сваіх успамінах пра Адамовіча згадваў, што ён вельмі ганарыўся двума студнямі, якія выкапаў за сваё жыццё:
«Аднойчы Алесь Міхайлавіч распавёў мне, што за ўсё жыццё выкапаў сваімі рукамі дзве студні, – распавядаў Коктыш. – І раптам прызнаўся: «Ведаеш, Жэня, часам мне здаецца, што там (пры гэтым пісьменнік паказваў пальцам на неба) мне залічаць не ўсе мае аповесці, раманы і сцэнары, а менавіта гэтыя дзве студні. Магчыма, яны – лепшае, што я зрабіў у сваім жыцці».
На гэтым нашая экскурсія падышла да канца. Дзякуем за праведзены з намі час і за цікавасць да постаці Алеся Адамовіча! Заахвочваем вас да глыбейшага знаёмства з ягонай творчасцю і чытання ягоных твораў, а таксама запрашаем зазірнуць у нашую аплікацыю, дзе можна знайсці тэкставы варыянт праслуханай вамі экскурсіі, а таксама фотаздымкі Алеся Адамовіча і Глушы. Добрага вам дня і да новых сустрэчаў!
