Па дарозе на могілкі

Наступны пункт нашай экскурсіі – могілкі, на якіх пахаваныя Алесь Адамовіч, ягоныя бацькі, бабуля, брат і жонка. Да могілак найхутчэй можна даехаць на машыне – маршрут можна падгледзець у аплікацыі.

Па дарозе да могілак распавядзем вам пра тое, як Адамовіч сышоў з жыцця і які здабытак пакінуў нашчадкам.

У 1994 годзе на праваслаўныя Каляды і стары Новы год прыехаў у Менск. Удзельнічаў у працы Сойму БНФ. Збіраў дома гасцей: радню, блізкіх сяброў. Ездзіў у Глушу, пабываў на магілах брата і бацькоў. На могілках паказаў месца побач з магілай брата, дзе завяшчаў сябе пахаваць.

26 студзеня выступаў у Вярхоўным судзе Расейскай Федэрацыі з прамовай у абарону маёмасных правоў Саюза пісьменнікаў, Міжнароднага Літфонду, у падтрымку непадзельнасці ўласнасці пісьменнікаў былога СССР, вярнуўся на сваё месца ў зале, спытаў у суседа, як ён выступіў, пасля чаго здарыўся другі, апошні інфаркт. Грамадзянскія паніхіды праходзілі ў Доме кіно (Масква) 28 студзеня, у Доме літаратараў (Менск) 29 студзеня, адпявалі ў Менскім саборы 29 студзеня.

Пахаваны ў Глушы 30 студзеня 1994 года побач з братам, недалёка ад магілаў бацькоў, бабулі.

Да смерці Адамовіч ставіўся спакойна. У нататках ён пісаў так:

«Жыццё маё… так ішло: у 16 маглі забіць, дый пазней падстаўляўся, але пражытыя ажно за 60 лічу падарункам. Чаго енчыць? Апроч таго, мабыць, я з тых, хто сябе не дужа высока ацэньваў. Ажыццявіўся, на колькі быў запраграмаваны, крыху больш, крыху менш – ужо не мае значэння. (…) У чалавека няма абавязку нарадзіцца. Але памерці – абавязак кожнага. Вось і памры. (…) Проста не трэба пераацэньваць сябе, і будзеш ставіцца да гэтае падзеі спакайней».

Алесь Адамовіч – не толькі пісьменнік. А як пісьменнік ён пісаў не толькі пра вайну. Замацаваная ў ваеннай прозе, тэма творчасці Адамовіча на самай справе значна шырэйшая. Агульна яе можна азначыць як супрацьстаянне гуманізму і генацыду. Адамовіч адсочвае гісторыю пакутаў беларускага народа праз Курапаты і Хатынь – да Чарнобылю, і адкрывае, такім чынам, разнастайнасць твараў фашызму – мiжнацыянальнага, унутрыдзяржаўнага, а таксама фашызму бюракратычнай сістэмы ў дачыненні да Чалавека ўвогуле. Адамовіч мысліў, можна сказаць, планетарна. Клопатамі і праблемамі чалавецтва, у склад якога ўпісваў, зразумела, і суайчыннікаў.

Разважаючы пра чалавека і чалавецтва, Алесь Адамовіч задумваўся над падзелам людзей на «сваіх» і «чужых». Тэму гэтага падзелу ён раскрыў у аповесці «Нямко» – гісторыі кахання беларускай дзяўчыны і маладога нямецкага жаўнера. «Я цябе абараню» – такі эпіграф выбраў Адамовіч для сваёй аповесці. І зноў, і зноў каханым – Францу і Паліне – прыходзілася абараняць адно аднаго ад сваіх і чужых. Але ж, як усім простым людзям, ім хацелася проста жыць, не выбіраючы «за» ці «супраць»… 

Паводле сцэнара Адамовіча рэжысёрам Міхаілам Сегалам па кнізе «Нямко» у 2006 годзе быў зняты фільм «Франц+Паліна». Аднак, на жаль, сцэнар быў выкарыстаны напалову. 

Адамовіч быў публіцыстам, грамадскім дзеячам. Ён стаў першым, хто зразумеў увесь маштаб Чарнобыльскай катастрофы. Менавіта дзякуючы Адамовічу ўлады былі вымушаныя казаць і перастаць хаваць праўду. Таксама дзякуючы Адамовічу былі адселеныя шмат якія забруджаныя вёскі, а дзяцей пачалі вывозіць на аздараўленне.

Але «антыядзершчыкам» Адамовіч стаў яшчэ да Чарнобылю. Ужо ў 1982 годзе ён шмат ездзіў па свеце і ўдзельнічаў у міжнародных антываенных, антыядзерных канферэнцыях. Тады ён шмат пісаў пра экалогію, пра мір, пра месца чалавека на зямлі, сярод прыроды.

Алесь Адамовіч папярэджваў аб небяспецы ядравай вайны.

«На планеце няма надпісу на нейкіх дзвярах «запасны выхад». Не будзе куды бегчы ў выпадку ядзернага пажару«, – пісаў ён у сваіх нататках.

У ноч на 26 красавіка, калі выбухнуў рэактар на Чарнобыльскай АЭС, Адамовіч ляцеў на самалёце на поўдзень, на Каўказ, у санаторый Жалезнаводска. З першых дзён шукаў магчымасць разбурыць сцяну сакрэтнасці вакол Чарнобыля, апытваў вучоных, фізікаў-атамшчыкаў, медыкаў, гаспадарнікаў Менска і Масквы пра магчымыя наступствы катастрофы. Пасля гэтага напісаў ліст М. С. Гарбачову, тагачаснаму генсеку КПСС, каб данесці да яго і сусветнай грамадскасці сапраўдныя маштабы бедства, якое здарылася на Беларусі. З’явілася рэальная магчымасць уплываць на ход падзей. Беларускае партыйнае кіраўніцтва замест таго, каб выкарыстоўваць належным чынам інтэлектуальны патэнцыял і арганізатарскія здольнасці Алеся Адамовіча, арганізавала ў друку абструкцыю, абвінаваціўшы яго ў пацыфізме, панікёрстве, блюзнерстве і клікустве. У выніку ён быў вымушаны пакінуць Менск і пераехаць на працу ў Маскву, дзе ўвосень 1987 года быў абраны дырэктарам Усесаюзнага НДІ кінамастацтва. У той жа год скончыў аповесць-антыўтопію «Апошняя пастараль» пра лёс апошніх людзей на зямлі пасля ядзернай катастрофы.

Проза Адамовіча страшна фізіялагічная. Ён сам распавядаў, што калі ён пачынаў пісаць, моцна пацеў («Запісваць пачаў недзе ў 1948. І нагэтулькі гэта было ўсурʼёз (не паводле выніку, а паводле пачуцця), што нават арганізм неяк дзіўна адрэагаваў. Доўга не маглі лекары вызначыць: ці то сухоты, ці то «вегетацыйны неўроз» – чаго гэтак пацее гэты ружовашчокі студэнт, проста купаецца ў поце?»). Пазней, ужо вядомы як аўтар раманаў і аповесцяў, прызнаваўся: «Мне трэба, каб да поўнай спустошанасці ўсё, што ў цябе ёсць, сцякала з рукі…»

Вядомы Алесь Адамовіч як сцэнарыст. Сусветна вядомы ягоны фільм «Ідзі і глядзі», які здымаўся ў 1984 годзе ў суаўтарстве з кінарэжысёрам Элемам Клімавым. У аснове сцэнара ляжалі творы «Хатынская аповесць і «Карнікі». Адамовіч прымаў у здымках актыўны ўдзел, прысутнічаў на здымачнай пляцоўцы.

Гэты фільм – пад першапачатковай назвай «Забіце Гітлера!» – А. Адамовіч і Э. Клімаў спрабавалі паставіць да гэтага амаль сем гадоў, пасля таго, як у 1977 г. праца над фільмам была спыненая Дзяржкіно.

У 1985 годзе «Ідзі і глядзі» атрымаў першую прэмію і Залаты прыз і прыз ФІПРЭСІ на XIV Маскоўскім кінафестывалі і абышоў экраны многіх краін свету, атрымаўшы вялікі рэзананс.

«Пасля выхаду на экраны «Ідзі і глядзі» на Алеся Міхайлавіча выйшлі… галівудскія прадзюсары з «Каламбія Пікчэрз». У 1987 годзе пісьменнік скончыў сцэнар «… Імя гэтай зорцы Чарнобыль» для фільму, рэжысёрам якога павінен быў стаць Стэнлі Крамэр. Але ў Галівудзе гэтае кіно так і не знялі. Кажуць, Крамер не змог прыступіць да фільму з асабістых прычын». Адамовіч пісаў: «Адразу наваліліся сумневы. Я нават у Габрыеля Гарсія Маркеса пачаў выпытваць, якім ён бачыць мастацкі фільм пра Чарнобыль. «Дакументальным!» – адразу ж адказаў ён. Але фільм усё ж такі задуманы як мастацкі. У гэтым пакуль галоўная складанасць і цяжкасць. Стэнлі Крамер хоча шырокага міжнароднага ўдзелу ў гэтым фільме. А тым самым і асэнсавання з пазіцыяў усяго чалавецтва. Тут і беларусам ёсць што сказаць. Хай скажуць слова тыя, на каго воляй лёсаў «дзьмуў вецер».