Вуліца Адамовіча

Постаць Алеся Адамовіча, яго значэнне для нашай літаратуры застаюцца недаацэненымі. Ды і не толькі для літаратуры – для нашага грамадства. Васіль Быкаў называў яго «постаццю еўрапейскага маштаба». У той жа час Адамовіча параўноўваюць з Вацлавам Гавалам.  Зацяты барацьбіт за мір на зямлі, супраць атаму – як ваеннага, так і мірнага, за свабоду слова. Драматург Васіль Дранько-Майсюк пісаў, што такіх пісьменнікаў, як ён, цяпер у нас наўрад ці знойдзеш.

«Абачлівасць, асцярожнасць, невытыркальнасць, баязлівасць – усе гэтыя блізкія нам якасці – не пра Адамовіча. У нашай запалоханай рэпрэсіямі літаратуры мы няшмат знойдзем пісьменнікаў, якія маглі так жа адкрыта, зухавата не баяцца і заўсёды ісці ў наступ, прабіваць любыя сцены»

Мы з вамі знаходзімся на вуліцы Алеся Адамовіча. Гэтая адзіная вуліца на Бабруйшчыне, якая носіць імя Адамовіча.

Гэтая вуліца вядзе да школы. Пры жыцці пісьменніка яна так і звалася – Школьная.

Цэнтральная вуліца Глушы – Кастрычніцкая. У 1996 годзе пасялковы савет і мясцовыя жыхары прапаноўвалі перайменаваць вуліцу з савецкай назвай на вуліцу імя Адамовіча. Беларускі ПЭН-цэнтр, якім тады кіраваў Васіль Быкаў, ды Беларускі саюз пісьменнікаў ініцыятыву падтрымалі. Яна, аднак, не была ўхваленая ўладаю.

На скрыжаванні вуліцы Адамовіча з Кастрычніцкай стаіць дом, які належыць сям’і Адамовічаў.